ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНЫ РАД НАПРУ́ЖАННЯЎ, шэраг актыўнасці металаў,
у электрахіміі паслядоўнасць размяшчэння металаў у парадку нарастання значэнняў іх стандартнага патэнцыялу (за нулявы прыняты патэнцыял вадароду).
Для метал. электродаў мае наступную паслядоўнасць: літый Li, калій K, кальцый Ca, натрый Na, магній Mg, алюміній Al, марганец Mn, цынк Zn, хром Cr, жалеза Fe, кадмій Cd, нікель Ni, волава Sn, свінец Pb, вадарод H2, медзь Cu, ртуць Hg, серабро Ag, плаціна Pt, кісларод O2, золата Au. Э.р.н. дазваляе меркаваць аб тэрмадынамічных магчымасцях працякання тых або інш. электродных працэсаў. Кожны метал выцясняе з раствораў солей металы, якія стаяць у Э.р.н. справа ад яго; металы, якія размешчаны злева ад вадароду, выцясняюць яго з кіслот. Аналагічныя рады напружанняў можна пабудаваць для неметал. электродаў.
т. 18, кн. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)